СТРАТЫ І ІХ ВЯРТАННЕ
Наталля Яканюк (Мінск)
Маскоўскі архіў данёс да нас жывыя галасы мінулага
Наталля Яканюк —
кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт, загадчык кафедры народна-інструментальнай
творчасці Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры. Артыкул напісаны
ў рамках праграмы «Супольная спадчына», якая фінансуецца Камітэтам
па навуцы Беларусі.
Многія
дакументы 1920–1930-х гг. ХХ ст. — фотаздымкі, газеты і часопісы,
успаміны сучаснікаў, лісты, паштоўкі, старыя афішы, якія перадаюць
атмасферу тых часоў, — не проста даносяць да нас жывы подых эпохі,
але і дазваляюць наблізіць рамантычны і адначасова трагічны перыяд
айчыннай гісторыі. Дакрануцца да тых гадоў, удакладніць уяўленні аб
нашых суайчынніках дапамагае рэканструкцыя гукавога асяроддзя, якое
было неад’емнай часткай тагачаснага штодзённага жыцця. Пачуць трапяткія
галасы мінулага даюць магчымасць фонадакументы. Ёсць сярод іх і такія,
у якіх адлюстравана гісторыя музычнай культуры краіны.
Нам было вядома, што ў канцы 1920-х – сярэдзіне 1930-х гг. Упраўленне
па справах мастацтва БССР арганізавала збор беларускай народнай музычнай
творчасці. Былі зроблены запісы традыцыйнай інструментальнай музыкі.
Вясковыя музыканты — сляпы выканаўца на ліры А. Ладуцька [1],
выканаўцы на дудзе Ф. Стэсь і М. Навіцкі, на жалейцы — Новікаў і Кабардзінскі
[2] выконвалі беларускія песенныя
і танцавальныя найгрышы. У тыя ж гады прадстаўнікамі Усесаюзнага радыё
былі зроблены гуказапісы лепшых прафесійных музыкантаў і музычных
калектываў Беларусі. У 1934–1939 гг. Маскоўская фабрыка грампласцінак
выдала амаль паўтара дзесятка дыскаў, якія адлюстроўвалі тагачасныя
дасягненні беларускага музычнага мастацтва [3].
Аднак доўгі час лічылася, што гэтыя фоназапісы не захаваліся. Зразумела:
вайна, разруха…
Тым не менш, нам удалася адшукаць унікальныя фонадакументы, якія
ўзбагачаюць нашы веды аб першых кроках станаўлення беларускай музычнай
культуры даваеннага часу. Сярод іх — запісы выдатных беларускіх спевакоў,
салістаў-цымбалістаў, першых самадзейных і прафесійных калектываў
рэспублікі. Тут таксама прадстаўлены невядомыя беларускім музыказнаўцам
творы айчынных кампазітараў для хору, асобных народных інструментаў,
народна-інструментальных ансамбляў і беларускага цымбальнага аркестра,
якія пашыраюць звесткі аб даваенным перыядзе развіцця нацыянальнай
кампазітарскай школы. Знойдзеныя своеасаблівыя помнікі музычнай культуры
Беларусі не толькі ўдакладняюць нашы ўяўленні аб узроўні развіцця
выканальніцкага мастацтва, але і дазваляюць аднавіць «гукавы партрэт»
эпохі, таму што менавіта гэтыя запісы шырока выкарыстоўваліся ў перадачах
радыёстанцыі імя Саўнаркама Беларусі і стваралі штодзённы «гукавы
фон» часу.
Адзін з першых такіх фонадакументаў быў знойдзены ў час фалькорнай
экспедыцыі. У народнага цымбаліста М. Акаловіча з вёскі Дзягільна
Дзяржынскага р-на Мінскай вобласці цудам захаваліся фотаздымак і старая
грампласцінка з запісам вядомага ў даваенны час самадзейнага калектыва
— Беларускага аб’яднанага ансамбля народных інструментаў калгаса «Ленінскі
шлях» Дзяржынскага р-на і Хойніцкай МТС Палескай вобл. На крохкім
і зрэзаным дыску, які ўбачыў свет больш за паўвека назад, запісаны
танцавальны найгрыш «Полька-кукулька» ў апрацоўцы кампазітара Я. Цікоцкага.
Далейшыя пошукі прывялі нас у Маскву, у Расійскі дзяржаўны архіў
гуказапісаў, у якім было выяўлена звыш пяцідзесяці даваенных запісаў.
У іх з усёй відавочнасцю адлюстраваны тагачасныя дасягненні беларускай
музычнай культуры.
Вось ў выкананні хору БДТ-І гучаць беларускія народныя песні «Ты,
чырвоная каліна», «Ой, рана на Йвана» і «Закаціся, сонца краснае»
[4]. Гэты хор, як вядома, удзельнічаў
ва ўсіх спектаклях тэатра, на сцэне якога ўпершыню ў Беларусі былі
пастаўлены оперы «Русалка» А. Даргамыжскага і «Фаўст» Ш. Гуно.
Стала магчымым паслухаць і Ансамбль песні і танца БССР, мастацкім
кіраўніком якога ў той час быў Ісаак Любан. Гэты калектыў запісаў
творы «Хмель лугамі», «Сяло ж мае», «Кума мая, кумачка» [5].
Зводны хор пагранчасцей БССР (таксама пад кіраўніцтвам І. Любана)
выконваў народныя песні «Ой, у лузе, лузе», «Позна сонца», «Кацілася
ды ясна зорачка» [6]. Сярод запісаў,
якія датуюцца 1934 г., — Дзяржаўная капэла БССР пад кіраўніцтвам таленавітага
хормайстара Іосіфа Бары, якая спявала беларускія народныя песні «Пайшла
баба па сялу», «Лянок», «Забалела ды мая галованька» [7].
Прыхільнікі сімфанічнай музыкі могуць сёння пачуць беларускі народны
танец «Юрачка» ў апрацоўцы Анатоля Багатырова, які выконвае сімфанічны
аркестр Беларускага радыёкамітэта пад кіраўніцтвам Аркадзя Бяссмертнага
[8].
У архіве знаходзяцца і гуказапісы народна-інструментальных калектываў
Беларусі тых гадоў. Секстэт домраў Беларускага радыёкамітэта [9]
запісаў апрацоўкі нацыянальнага музычнага фальклору «Бульба», «А ў
полі вярба», «Чарнушачка» і інш. [10].
А вось запісы 1936 г. «Лявоніха», «Крыжачок», «Купалінка» і «Перапёлачка»,
апрацаваныя Аляксеем Туранковым, — у самабытным гучанні ансамбля цымбалістаў
Беларускага радыёкамітэта пад кіраўніцтвам Рыгора Самохіна [11].
Цяпер гэтыя апрацоўкі ўваходзяць у залаты фонд беларускай музыкі,
толькі ў новай, больш сучаснай інструментальнай аранжыроўцы.
Сярод каштоўных знаходак — запісы таленавітых, тады яшчэ зусім маладых
беларускіх цымбалістаў Станіслава Навіцкага, Іосіфа Жыновіча, Ханона
Шмелькіна. Менавіта яны, патомныя народныя музыканты, упершыню вывелі
вясковыя беларускія цымбалы на канцэртную эстраду. Сёння мы маем магчымасць
паслухаць знакамітыя ў свой час дуэты і трыо гэтых выканаўцаў [12].
Яшчэ адно адкрыццё — запісы знакамітага беларускага цымбаліста-віртуоза
І. Жыновіча, стваральніка нацыянальнай цымбальнай акадэмічнай школы,
вядомай сёння ў цэлым свеце. Цікава, што гэта адзін з першых запісаў,
дзе цымбалы гучаць у ансамблі з фартэпіяна (канцэртмайстар П. Вальтэр).
Відаць, менавіта з музычнага вянка традыцыйных беларускіх танцаў «Мікіта»,
«Юрачка», «Крыжачок», «Таўкачыкі», «Лявоніха», «Янка» [13],
якія па-майстэрску былі апрацаваны І. Жыновічам, склаліся пазней вядомыя
«Беларускія танцы» — адзін з самых папулярных твораў, які іграюць
усе цымбалісты рэспублікі.
Ёсць ў архіве і запісы тагачасных маладых салістаў Дзяржаўнага тэатра
оперы і балета БССР. Не страцілі сваёй свежасці і прыгажосці мяккі
шчыры барытон Міхася Дзянісава і эмацыянальна-выразнае, пяшчотнае
сапрана Ларысы Александроўскай — першых выканаўцаў вядучых партый
у першых беларускіх операх «Міхась Падгорны» і «У пушчах Палесся».
У іх выкананні таксама нямала народных песень [14].
Прынамсі, дуэт у складзе Л. Александроўскай і цымбаліста-віртуоза
С. Навіцкага выконвае «Чаму ж мне не пець», «Што за месяц», «Кацілася
чорна галка», «Полька-Янка» і іншыя [15].
Непасрэднасць, шчырасць і майстэрства гэтага цудоўнага дуэта паланілі
тады сэрцы слухачоў Германіі, Даніі, Швецыі. Менавіта гэтыя артысты
ўпершыню ў гісторыі беларускага савецкага мастацтва пазнаёмілі з беларускай
народнай музыкай наведвальнікаў Міжнароднай музычнай выстаўкі, якая
праходзіла ў 1927 г. у Франкфурце-на-Майне пад дэвізам «Музыка ў жыцці
народаў».
Сярод зусім рэдкіх і каштоўных запісаў — тыя, што зроблены на фанографе.
Нягледзячы на недасканаласць гуказапісу, хвалюе, як і звыш сямідзесяці
год таму, голас Веры Пола — бліскучай актрысы БДТ-І, папулярнай ў
свой час выканальніцы беларускіх народных песень. Яна спявае «Кацілася
кола» і «Доменка» [16]. У гэтым
жа аддзеле — запісы традыцыйнай інструментальнай музыкі. Дудар Сцяпан
Шыкоўскі выконвае «Беларускую Лявоніху», «Беларускі казачок» і «У
дудку паіграю» [17].
На жаль, не ўсе пералічаныя запісы беларускай музыкі, якія захоўваюцца
ў Расійскім дзяржаўным архіве гуказапісаў, можна паслухаць. Большасць
з іх — гэта грамарыгіналы, цяжкія металічныя дыскі, з якіх прасуюць
пласцінкі.
Дык ці не час цяпер, больш чым праз паўстагоддзе, аднавіць гэтыя
гукавыя помнікі? У гістарычнай і мастацкай каштоўнасці знойдзеных
запісаў не даводзіцца сумнявацца. Гэтыя фонадакументы з’яўляюцца своеасаблівым
жывым сведчаннем і сведкам росквіту музычнай культуры даваеннага часу.
I, будзем спадзявацца, недалёка тое імгненне, калі мы ўсхвалявана
возьмем у рукі новы дыск, — і праз дзесяцігоддзі праб’юцца да нас
жывыя галасы музычнай Беларусі трыццатых!
[1] Рабочий. 1937. 10 янв.
[2] На жаль, ініцыялы гэтых двух
выканаўцаў устанавіць пакуль што не ўдалося.
[3] Каталог грампластинок. М., 1940.
[4] Расійскі дзяржаўны архіў гуказапісаў
(далей — РДАГ), № 20288, 20286.
[5] РДАГ, № 28781, 25837, 25838.
[6] РДАГ, № 23609, 23613, 23642.
[7] РДАГ, № 25846, 25847, 25848.
[8] РДАГ, № 23662.
[9] Цяпер гэта вядомы ў краіне калектыў
— Камерна-інструментальны ансамбль Дзяржаўнай тэлэрадыёкампаніі Рэспублікі
Беларусь.
[10] РДАГ, № 23605, 23606, 23663.
[11] Са стварэннем у 1939 г. Беларускай
дзяржаўнай філармоніі калектыў пераўтварыўся ў Дзяржаўны народны аркестр.
Цяпер гэта Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр РБ імя І. Жыновіча.
РДАГ, № 24364, 25606, 38693, 28694.
[12] РДАГ, № 20278, 23307, 23599.
[13] РДАГ, № 26681, 26682.
[14] РДАГ, № 4629, 21248, 23311,
23607, 23611.
[15] РДАГ, № 21248, 22139.
[16] РДАГ, № 133.
[17] РДАГ, № 249.