КАНТАКТЫ І ДЫЯЛОГІ

№ 7-8 2000

ІНФАРМАЦЫЙНА-АНАЛІТЫЧНЫ
І КУЛЬТУРАЛАГІЧНЫ БЮЛЕТЭНЬ


БЕЛАРУСЫ I ЎРАДЖЭНЦЫ БЕЛАРУСI Ў СВЕЦЕ

СТАРОНКІ БУДУЧАГА ДАВЕДНІКА

Шаховіч Міхась

Шаховіч Міхась (псеўд. Міхаль Пашкоўскі; 20.11.1953, в. Сакі Беластоцкага ваяв., Польшча — 5.06.2000, Кнышын, Польшча), беларускі і польскі журналіст, паэт, фалькларыст, выдавец. Член Саюза польскіх пісьменнікаў з 1984 г.

Міхась ШаховічМ. Шаховіч паходзіў з сялянскай сям’і. Вучыўся ў Бельскім беларускім ліцэі. Скончыў беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Варшаўскага універсітэта (1977). З 1 жніўня 1975 г. да снежня 1984 г. працаваў у беларускім тыднёвіку «Ніва». З 1 студзеня 1985 г. да снежня 1990 г. — адказны сакратар польскага штомесячніка «Kontrasty». Затым кіраваў выдавецкім прадпрыемствам «Пагранічча».

На працягу пяці год у «Ніве» вёў рубрыку «З народнай абраднасці», дзе публікаваў тэксты народнай творчасці з польска-беларускага культурнага сумежжа. У такім жа аспекце друкаваў матэрыялы пад рубрыкай «З народных гаворак». У 1982 г. пад яго рэдакцыяй выйшаў навуковы зборнік «Мост праз стагоддзі» — плён дзвюх навуковых сесій пад той жа назвай. Як паэт дэбютаваў у 1974 г. у «Ніве» вершам «Туды». Аўтар васьмі літаратурных зборнікаў — «Прамінанне» (1978), «Святая ноч» (1979), «Вада ў рэшаце» (1984), пераклад на польскую мову «Woda w przetaku» (1990), «Напевы» (1987), «Рапсодыя» (1993), «Кліч» (1993), «Пад сузор’ямі» (1998). Быў членам праўлення Беларускага літаратурнага аб’яднання «Белавежа».

Ірына Тамільчык
BACK