КАНТАКТЫ І ДЫЯЛОГІ

№ 1-2 2000

ІНФАРМАЦЫЙНА-АНАЛІТЫЧНЫ
І КУЛЬТУРАЛАГІЧНЫ БЮЛЕТЭНЬ


БЕЛАРУСЫ I ЎРАДЖЭНЦЫ БЕЛАРУСI Ў СВЕЦЕ

ВІНШУЕМ ЮБІЛЯРАЎ

Сябра «Белавежы» з першых год яе існавання

Віктар ШведНягледзячы на свой паважны ўзрост, Віктар Швед застаецца па-ранейшаму няўрымслівым — у творчасці, у жыцці. Яго вершы друкуюцца ледзь не ў кожным нумары беластоцкага штотыднёвіка «Ніва», на сустрэчы з ім збіраюцца вучні беларускіх школ і ліцэяў Беласточчыны, яго можна сустрэць на навуковых канферэнцыях і «круглых сталах». І ўсюды яму, дасведчанаму чалавеку і таленавітаму паэту, ёсць што сказаць.

Віктар Швед нарадзіўся 75 год таму назад, 23 сакавіка 1925 г. у вёсцы Мора Беластоцкага ваяводства ў сялянскай сям'і. Скончыў Беларускі ліцэй у Бельску-Падляшскім, аддзяленні журналістыкі і беларускай філалогіі Варшаўскага універсітэта. Доўгі час працаваў у варшаўскім выдавецтве «Ксёнжка і ведза».

Беларускія вершы Віктар Швед пачаў пісаць яшчэ ў школе, у 1940 г., тады ж удзельнічаў з імі ў алімпіядзе дзіцячай творчасці. Друкавацца пачаў у 1957 г. на старонках штотыднёвіка «Ніва», затым — у літаратурных альманахах, «Беларускіх календарах». Выдаў зборнікі вершаў «Жыццёвыя сцежкі» (1967), «Дзяцінства прыстань» (1975), «Дружба» (1976), «Мая зялёная Зубровія» (1990), «Вясёлка» (1991) і інш. Адрасаваны яны пераважна юнаму чытачу. Выхаваны на традыцыях беларускай класічнай літаратуры, Віктар Швед працягвае іх на Беласточчыне: паэтызуе паўсядзённы побыт селяніна, повязь дзіцячых адчуванняў з гарманічным светам прыроды.

Віктар Швед уносіць істотны ўклад ва ўзаемадзеянне літаратур. Ён перакладае беларускія, рускія і ўкраінскія вершы на польскую мову, а польскія — на беларускую. У працы, напэўна ж, сустрэне і свой юбілей.

Уладзімір Казбярук, кандыдат філалагічных навук
BACK