КАНТАКТЫ І ДЫЯЛОГІ

№ 7-8 1999

ІНФАРМАЦЫЙНА-АНАЛІТЫЧНЫ
І КУЛЬТУРАЛАГІЧНЫ БЮЛЕТЭНЬ


РЭЦЭНЗУЕМ КНIГI

Diana Siebert. Bäuerliche Alltagsstrategien in der Belarussischen SSR (1921–1941): Die Zerstörung patriarchalischer Familienwirstschaft. Stuttgart: Franz Steiner Verlag, 1998. 416 s.

Diana Siebert. Bauerliche Alltagsstrategien in der Belarussischen SSR (1921–1941): Die Zerstorung patriarchalischer Familienwirstschaft. Stuttgart: Franz Steiner Verlag, 1998. 416 s.У канцы мінулага года на паліцах нямецкіх кнігарняў з'явілася аб'ёмістая (416 с.) манаграфія маладой нямецкай славісткі, доктара гісторыі Дзіяны Зіберт «Сялянская паўсядзённая стратэгія ў Беларускай ССР (1921-1941)». Структура працы, багаты фактычна матэрыял, шматлікія карты, дыяграмы, табліцы пераканаўча раскрываюць, як у БССР праходзіла калектывізацыя і як рэагавала на яе сялянства.

Пасля ўводзінаў даецца кароткі экскурс у гісторыю Беларусі, які з'яўляецца тым больш важным, што ў Германіі існуюць не зусім пэўныя ўяўленні пра наш край. Яго пашыраюць матэрыялы пра дэмаграфічныя працэсы ў Беларусі канца ХІХ — пачатку ХХ ст. Для пераканаўчага раскрыцця тэмы даследчыца канцэнтруе ўвагу на важнейшых аспектах — такіх, як «Аграрная палітыка БССР паміж дзяржаўнымі і сялянскімі інтарэсамі», што і вызначала стратэгію беларускага сялянства на працягу некалькіх этапаў:

1) прадразвёрстка, замена яе прадпадаткам, увядзенне нэпа (1921-1924);

2) стварэнне інтэнсіўнай гаспадаркі (1925-1928);

3) гвалтоўная калектывізацыя (1929-1939);

4) стабілізацыя калгаснай сістэмы (1939-1941).

На першым этапе ярка праяўляліся дзве тэндэнцыі — актыўнае супраціўленне: партызанская вайна, паўстанні, набегі, бунты, знішчэнне «ворага» ваеннай сілай і пасіўнае: хаванне і знішчэнне прадуктаў, забойства і продаж жывёлы, перасяленне ў горад. У галіне аграрнай палітыкі — гэта стварэнне кааператываў, камун, калгасаў, у тым ліку нацыянальных калгасаў, але, нягледзячы на першачарговае іх крэдытаванне, лепшыя надзелы зямлі, дапамогу тэхнікай, яны распадаюцца, многія існуюць на паперы. Для прыватных гаспадарак уводзяцца ашчаджальныя падаткі, праводзіцца спрыяльная зямельная палітыка — надзелы зямлёй, крэдытаванне, дазвол на вольны тавараабмен, продаж на цвёрдую валюту.

Для другога этапу характэрны:

1) дзяленне сялянскіх двароў, хутарызацыя, спроба пераходу да інтэнсіўнай гаспадаркі па прыкладу Даніі — прышчэпаўскі» план развіцця аграрнага сектара, павышэнне падаткаў, добраахвотная міграцыя ў горад і іншыя рэспублікі, выезд за мяжу (1 300 000 чалавек было жадаючых выехаць у Польшчу);

2) адказ ад хутарызацыі (1925), забарона хутароў (1929), накірунак на прымусовую калектывізацыю, пераход ад натуральнага абмену таварамі да таварна-грашовых адносін. Аднак забеспячэнне таварамі як праз закупкі, так і праз рынак было незадавальняючым — людзі жылі бедна.

Няздольнасць дзяржавы кантраляваць працэсы ў вёсцы пры дапамозе цэн, грашова-таварнага абмену штурхала да прымусовай калектывізацыі. Масква перайшла да рашучых мер. Распачынаецца эканамічны і палітычны націск на прыватны сектар: падаткі, паборы, забароны, надлом вясковай салідарнасці, падзел грамадзян на сваіх і чужых, раскол сям'і (супрацьпастаўленне мужчын і жанчын), — усё гэта паступова пераходзіць у дзяржаўны тэрор: пачынаюцца раскулачванне, прымусовая ліквідацыя хутароў, дэпартацыя, вышукванне «ворагаў народа» і нарэшце — юрыдычны тэрор, сталінскі загад 1932 г. аб расстрэлах за сабатаж і раскраданне дзяржаўнай маёмасці. Пачынаецца бегства з калгасаў, актыўнае ўзброенае супраціўленне — набегі, забойствы (за 1927-1929 гг. адбылося 1 637 падпалаў, каля 80 узброеных паўстанняў, пра што маўчаць савецкія гісторыкі), уцёкі за мяжу, кантрабанда і паступовы пераход да пасіўнага супраціўлення, адказу ад працы (людзі працавалі мала і абы-як). Аднак і ўвядзенне нормаў, працадня, кніжак калгасніка, мінімума выхадаў на работу ў калгасе не стала трывалай асновай яе ацэнкі, вяло да жахлівага бюракратызму. Працоўная мараль падмянялася сацспаборніцтвам і пагрозамі рэпрэсій. Сярод кіраўніцтва распаўсюдзіліся сямейнасць і карупцыя. Зверху аддаваліся некампетэнтныя загады. Дайшло да абсурду — у 1933 г. ЦК ВКП(б) была прынята пастанова, каб кожны дзень чысцілі коней і своечасова ўбіралі гной. Распаўсюдзіліся зайздрасць, даносы, зводзіліся старыя рахункі. Так стваралася ў БССР савецкая гаспадарка. І толькі калі была рэальна ўжыта сістэма здзельнай аплаты працы, супрацьстаянне пачало згладжвацца.

У канцы 30-х гг. супраціўленне змяняецца стратэгіяй дапасавання. Дзяржава ідзе на ўступкі: раздачу прысядзібных участкаў, дазвол на трыманне каровы і свіней. Праз «канкурэнцыю» паміж жанчынай і мужчынай, праз тэхнічны і сацыяльны бок арганізацыі працы, эканамічны, палітычны, юрыдычны ўціск дзяржава стабілізавала становішча ў вёсцы.

Некампетэнтнасць людзей, дыктатарскія метады дзяржавы, якая ажыццяўляла планы, няхай сабе вонкава і прывабныя, але супярэчныя з штодённай сялянскай логікай, на самай справе адштурхнулі сялян ад калектывізацыі. У такім няроўным супрацьстаянні яны былі гвалтоўна пераможаны.

Праца, на нашу думку, не пазбаўлена некаторых недаглядаў. Мы мяркуем, што недастаткова ўвагі ўдзелена іншаму шляху развіцця сялянства — прышчэпаўскаму», а яшчэ раней «бээнэраўскаму». Не зусім удала гучыць вызначэнне «стратэгія». Мы лічым, што ў беларускага сялянства не было выпрацаванай стратэгіі і нават тактыкі, а была рэакцыя на адпаведную стратэгію бальшавікоў, якія імкнуліся зламаць стары сялянскі ўклад жыцця, сямейныя і грамадска-сацыяльныя адносіны ў вёсцы.

Варта было б звярнуць увагу і на такія аспекты сялянскага жыцця, як адукацыя, рэлігія, арганізацыя адпачынку, што, безумоўна, дало б магчымасць глыбей пранікнуць у псіхалогію сялянства, у яго адносіны да бальшавізму і калектывізацыі (асабліва вызначаюцца антыкалгасныя частушкі: «А ў калгасе добра жыць: адзін робіць — сем ляжыць», «Дзякуй Сталіну-грузіну, што абуў нас у рызіну» і інш.). Нам здаецца немэтазгодным ужыванне беларускіх слоў у нямецкіх ці рускіх формах. У бібліяграфіі сустракаюцца недакладнасці ў лацінскай траслітарацыі некаторых беларускіх крыніц.

Аднак такія дробныя ўпушчэнні не могуць засланіць для нас значнасць і актуальнасць выдання. Гэтая неардынарная праца дзякуючы сваёй адметнай пазіцыі, грунтоўнасці і кампетэнтнасці стане важкім укладам у нямецкую славістыку. Яна будзе карыснай і для беларускіх даследчыкаў распрацоўкай праблемы «стратэгіі» беларускага сялянства. А некаторыя раздзелы (пра хутары, якім прысвечана магістэрская праца Д. Зіберт, супраціўленне сялянства, становішча жанчыны ў калгасе) з'яўляюцца новым і арыгінальным крокам у даследаванні праблемы.

Уладзімір Сакалоўскі, кандыдат філалагічных навук

BACK